26.12.2014

Міхась Зарэцкі. Вязьмо

Чытаць раман "Вязьмо" ў фармаце .docx (520 Kb) спасылка.

Чытаць раман "Вязьмо" ў фармаце .pdf (3,7 Mb) спасылка.

На апошнюю сесію трэба было, сярод іншага, чытаць раман Міхася Зарэцкага "Вязьмо".

Натуральна, у бібліятэку я не пайшоў, а ў інтэрнэт пайшоў.

Ні на "Беларускай Палічцы", ні на "Камунікаце" адэкватных варыянтаў не знайшлося. На адмысловым сайце, прысвечаным Зарэцкаму, чытаць раман незручна абсалютна, а спампаваць магчымасці няма. На "Родных вобразах" "Вязьмо" ва ўрэзаным выглядзе. Пайшоў у гугл.

Сёння ўжо цалкам звычайная з'ява, што па запыце нейкай мастацкай літаратуры асноўная частка спасылак вядзе на кароткі змест, гатовыя сачыненні, сістэму вобразаў і г.д. Сярод гэтага смецця я здолеў адшукаць вельмі карысны сайт — ebooks.prestigioplaza.com, дзе даволі багатая бясплатная бібліятэка як на мастацкую літаратуру, так і на падручнікі. Адтуль і спампаваў.

Спачатку здзівіла незвычайнае дзяленне на часткі — пасярод думкі, — але ці мала што там Зарэцкі сабе думаў. Пасля пачалі сустракацца словы кшталту "вьгаік" ці "дышіаматьіяй". Але калі іх можна было дэшыфраваць з кантэксту ("вынік" і "дыпламатыяй" адпаведна), то словы, напрыклад, "прьгеодаіў", "кямгіямпітм»ы" немагчыма было зразумець.

Стала відавочна, што гэтая электронная версія — няўдалая спроба сканавання і распазнавання беларускай мовы, з-за чаго часам няма як дайсці думкі Зарэцкага. І я вырашыў зрабіць адэкватную электронную версію.

Я ўзяў у бібліятэцы "Вязьмо" і пачаў параўноўваць электронны варыянт з друкаваным, паралельна выпраўляючы словы і разбіваючы тэкст рамана на часткі і раздзелы. Падчас гэтай працы я сутыкнуўся не толькі з тым, што частка словаў зменена да непазнавальнасці, але што некаторыя словы проста прапушчаны. Ды што словы! Цэлыя сказы, абзацы і нават старонкі! Усё гэта я старанна аднавіў і зараз запрашаю вас прачытаць.

Аматарам кароткіх зместаў хачу сказаць: калі б той ці іншы пісьменнік хацеў нешта сказаць коратка, ён бы гэта зрабіў, але шмат хто імкнуўся не проста агучыць сваю думку, а зрабіць гэтую думку максімальна даступай і нават паказаць шлях, якім ён да гэтай думкі прыйшоў.

Прыемнага чытання!

Комментариев нет:

Отправить комментарий